Прадстаўнікі Эўропы, Украіны і ЗША абмяркуюць пляны заканчэньня вайны

Прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон, канцлер Германіі Фрыдрых Мерц, прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск і прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер. Ілюстрацыйнае фота.

У Вялікабрытаніі пройдзе сустрэча дарадцаў па нацыянальнай бясьпецы з эўрапейскіх краін, Украіны і ЗША, паведаміў брытанскі ўрад пасьля тэлефоннай размовы ў суботу прэзыдэнта Ўкраіны Уладзіміра Зяленскага і брытанскага прэм’ера Кіра Стармера.

Паводле гэтага паведамленьня, у сустрэчы, на якой будзе абмяркоўвацца плян заканчэньня вайны ва Ўкраіне, возьме ўдзел віцэ-прэзыдэнт ЗША Джэй Ды Вэнс.

У суботу Ўладзімір Зяленскі таксама правёў тэлефонныя перамовы з прэзыдэнтам Францыі Эмануэлем Макронам, прэзыдэнтам Фінляндыі Аляксандрам Стубам, прэмʼер-міністрам Гішпаніі Педра Санчэсам, прэмʼер міністрам Эстоніі Крыстэнам Міхалам і прэмʼер-міністрам Даніі Метэ Фрэдэрыксен. Усім іх прэзыдэнт Украіны падзякаваў за падтрымку. «Каб адказаць Расеі на яе жаданьне зацягнуць вайну і сабраць больш тэрытарыяльных трафэяў, мы павінны дзейнічаць мудра і скаардынавана», — зазначыў Зяленскі ў камэнтары наконт размовы са Стубам. Макрон пасьля размовы з прэзыдэнтам Украіны заявіў, што будучыня Ўкраіны ня можа вырашацца без Украіны.

У пятніцу было абвешчана аб падрыхтоўцы сустрэчы на Алясцы прэзыдэнтаў ЗША і Расеі Дональда Трампа і Ўладзіміра Пуціна, прысьвечанай пэрспэктывам заканчэньня вайны ва Ўкраіне. Сустрэча мусіць адбыцца 15 жніўня. Згодна з уцечкамі, якія тычацца зьместу магчымага мірнага пагадненьня паміж Кіевам і Масквой, на якое можа пайсьці Расея і з якім гатовы пагадзіцца ЗША, у праекце пагадненьня ёсьць пункты аб тэрытарыяльных саступках Украіны. Сьцьвярджаецца таксама, што ЗША спрабуюць узгадніць гэты плян спыненьня вайны з Украінай і эўрапейскімі саюзьнікамі.

Зяленскі заявіў 9 жніўня, што Ўкраіна не будзе «дарыць сваю зямлю». У сацыяльных сетках ён напісаў, што «не бачыць зрухаў у расейскай пазыцыі». «Расейцы... навязваюць ідэю „абмену“ украінскай тэрыторыі на ўкраінскую тэрыторыю з наступствамі, якія не гарантуюць нічога, акрамя зручнейшых для іх пазыцый для аднаўленьня вайны», — падкрэсьліў прэзыдэнт Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дональд Трамп: сустрэча з прэзыдэнтам Расеі адбудзецца 15 жніўня на Алясцы