Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ягоная сустрэча з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным адбудзецца 15 жніўня на Алясцы.
Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода, у Расеі гэтую дату пацьвердзілі і патлумачылі месца сустрэчы тым, што гэты амэрыканскі штат знаходзіцца блізка да мяжы з Расеяй.
Афіцыйных падрабязнасьцяў аб заплянаванай сустрэчы пакуль няма.
Адказваючы на пытаньні журналістаў увечары 8 жніўня пасьля падпісаньня дакумэнту паміж Азэрбайджанам і Армэніяй, Трамп ня выключыў, што патэнцыйная мірная дамова паміж Расеяй і Ўкраінай будзе ўключаць «абмен тэрыторыямі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азэрбайджан і Армэнія падпісалі мірную ўгоду пры пасярэдніцтве Трампа«Адбудзецца некаторы абмен тэрыторыямі на ўзаемную карысьць... Мы нешта вернем, мы нешта абмяняем», — сказаў Трамп і дадаў, што неўзабаве адбудзецца канкрэтная размова на гэтую тэму.
На гэтую заяву раніцай 9 жніўня адрэагаваў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
«Украінцы абараняюць сваё. Нават тыя, хто з Расеяй, ведаюць, што яна робіць зло. Вядома, мы не дамо Расеі ўзнагарод за зробленае. Украінскі народ заслугоўвае міру. Але ўсе партнэры павінны зразумець, што такое годны мір. Гэтую вайну трэба заканчваць, і Расея павінна яе закончыць. Расея яе пачала і зацягвае. [...] і менавіта гэта праблема, ня нешта іншае», — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што адказ на ўкраінскае тэрытарыяльнае пытаньне ўжо ёсьць у Канстытуцыі краіны. «Адступаць ад гэтага ніхто ня будзе і ня зможа. Дарыць сваю зямлю акупанту ўкраінцы ня будуць», — заявіў ён.
У той жа час, Уладзімір Зяленскі адзначыў, што Ўкраіна гатова супольна з прэзыдэнтам ЗША і ўсімі іншымі партнэрамі працаваць дзеля рэальнага і ўстойлівага міру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памочнік Пуціна заявіў аб сустрэчы прэзыдэнтаў ЗША і Расеі ў «найбліжэйшыя дні». Што на ёй будуць абмяркоўваць