Новыя жылыя раёны пабудуюць каля Калодзішчаў. Тэрыторыя былога палігону ўжо фармальна ўваходзіць у гарадзкую мяжу Менску і нават мае назву Зялёны Бор (хоць жылы комплекс з такой жа назвай ужо ёсьць каля Бараўлянаў).
Гэтае жыльлё будзе для тых, хто стаіць на чарзе і мае патрэбу палепшыць жыльлёвыя ўмовы. Таксама ў новых раёнах зьявяцца школы, дзіцячыя садкі, паліклінікі і іншыя сацыяльныя аб’екты.
Пакуль жа ў Зялёным Бары няма нават простай сувязі з сталіцай — толькі звычайная 2-палосная дарога з Уручча.
«За першую кальцавую дарогу — ані кроку!»
Аляксандар Лукашэнка раней ня раз выступаў супраць перанасяленьня Менску і супраць забудовы раёнаў за Менскай кальцавой у цэлым і Калодзішчаў у прыватнасьці.
Верасень 2016 году. Лукашэнка заявіў, што пра забудову сельскагаспадарчых земляў у Менску няма чаго і думаць. Трэба спыняць забудову Сеніцы і Калодзішчаў, бо гэта «тое ж самае, што забудоўваць Менск». (На сёньня Сеніца даўно забудаваная, на былых палях у Менску актыўна будуецца квартал «Паўночны бераг», на чарзе палігон каля Калодзішчаў.)
Ліпень 2020 году. На сустрэчы зь менскім «актывам» Лукашэнка заявіў: «Нам ні ў якім разе нельга дапусьціць перанасяленьня Менску. За першую кальцавую дарогу — ані кроку!». Ён таксама загадаў не забудоўваць паркі і зялёныя зоны, падкрэсьліваючы, што насельніцтва гораду не павінна перасягнуць 2 мільёны чалавек.
Травень 2021 году. Лукашэнка адзначыў, што Менск ужо перавысіў плянку ў 2 мільёны жыхароў. Ён падкрэсьліў, што «горад не гумовы», такое будаўніцтва прыводзіць да затораў, забруджваньня паветра і стварае праблемы з рабочай сілай.
Кастрычнік 2024 году. Лукашэнка загаварыў нават пра «расьсяленьне насельніцтва» ў гарады-спадарожнікі, ізноў сказаў, што перанасяленьне Менску «не на карысьць тым людзям, якія жывуць у Менску, у тым ліку не на карысьць тым, хто хоча прыехаць у Менск».
Форум